Дзень Волі – адзін з найважнейшых дзён беларускай гісторыі. 106 гадоў таму ў гэты дзень была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) – першай нацыянальнай дзяржавы беларусаў і беларусак.
Мы ў гэты дзень упершыню на ўвесь свет заявілі: мы ёсць, у нас ёсць свая зямля і права будаваць сваю будучыню. Дзякуючы БНР стала магчымым стварэнне БССР, а пасля і абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Мы, каманда БНР100, ладзім вялікае анлайн-мерапрыемства, каб адсвяткаваць Дзень Волі разам з роднымі, сябрамі і блізкімі. Для гэтага мы запланавалі трансляцыю на YouTube-канале «Годна» – усё пачнецца а 19:00 па Мінску.
Анлайн-святкаванне будзе складацца з двух блокаў: музычны і інфармацыйны. Для вас выступяць гурты J:МОРС, NAVIBAND, ŠUMA, NOCHY, DZIECIUKI і VOLSKI. Весці святкаванне будуць прадстаўніца каманды «Годна», папулярная беларуская блогерка Ліза Ветрава і Дзяніс Дудзінскі – тэлевядоўца і шоўмен.
У інфармацыйным блоку нашыя эксперты і эксперткі абмяркуюць падзеі 1918 года і іх значэнне для сучаснай Беларусі. Разам з вамі мы паразважаем пра гісторыю, сучасную культуру і будучыню, пра якую марым.
Дзень Волі – як Дзень народзінаў, толькі для нашай краіны. Таму насычаны інтэрактыўны эфір запланаваны на ўвесь вечар – будзе магчымасць ананімна і бяспечна пагутарыць з гасцямі шоу і прывітаць землякоў.
Уся асноўная інфармацыя – тут на сайце і па хэштэгу #БНР106 у сацыяльных сетках. Таксама мы чакаем вашыя ідэі і прапановы пра тое, што яшчэ можна зрабіць у гэты дзень – дасылайце іх сюды: [email protected]
Давайце адсвяткуем разам! Падтрымаць збор на арганізацыю святкавання можна націснуўшы на кнопку.
Мы заклікаем усіх, хто мае магчымасць бяспечна падтрымаць арганізацыю мерапрыемстваў (маршаў, канцэртаў, шэсцяў) – зрабіць гэта!